Учитель белорусского языка и литературы Ярош Татьяна Леонидовна

Ответственность, качество, внимание.

Разработки уроков, мероприятий, публикации

МЕТАПРАДМЕТНЫ ЎРОК З НАЦЫЯНАЛЬНА-КУЛЬТУРНЫМ КАМПАНЕНТАМ ЯК СРОДАК ФАРМІРАВАННЯ ЛІНГВАКУЛЬТУРАЛАГІЧНАЙ КАМПЕТЭНЦЫІ ВУЧНЯЎ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ НА ІІ СТУПЕНІ АГУЛЬНАЙ СЯРЭДНЯЙ АДУКАЦЫІ

 

Яраш Т. Л.,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №16 г. Мазыра”

 

Сёння грамадству неабходны высокаадукаваныя, высокакультурныя моўныя асобы. Менавіта вучэбны прадмет “Беларуская мова” ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь прадугледжвае “фармiраванне сапраўднага грамадзянiна, удумлiвага чытача, адукаванага суразмоўнiка, спагадлiвага, высакароднага чалавека” [2]. У сувязi з гэтым вывучэнне беларускай мовы накiравана на фармiраванне моўнай, маўленчай, маўленча-камунiкатыўнай, лiнгвакультуралагiчнай i сацыякультурнай кампетэнцый [2].

Сучасная практыка сведчыць аб зніжэнні колькаснага і якаснага ўзроўняў чытання на беларускай мове, пісьменнасці, абмежаванні лексічнага запасу, маўленчага і камунікатыўнага патэнцыялаў, паколькі важнасць выкарыстання беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці для многіх вучняў невысокая. Вырашэнне гэтых праблем магчыма за кошт фарміравання лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі вучняў.

Лінгвакультуралогія як навука ўзнікла ў 90-я XX стагоддзя і ўяўляе сабой вобласць лінгвістыкі, якая вывучае ўзаемасувязі мовы і культуры. Сутнасць лінгвакультуралогіі разглядалі ў сваіх працах такія навукоўцы, як В. Гумбальт, Э.Сепіра, В.В. Вераб’ёў і інш [4].

Пад лінгвакультуралагічнай кампетэнцыяй трэба разумець “усведамленне вучнямі мовы як феномена культуры, у якім знайшлі адбітак яе праяўленні, засваенне нацыянальна маркіраваных адзінак беларускай мовы, развіццё здольнасці адэкватна ўжываць іх у маўленні, авалоданне мовай як сістэмай захавання і перадачы каштоўнасцей культуры” [2].

З аднаго боку, кампетэнцыі фарміруюцца і праяўляюцца ў дзейнасці, з другога боку, моўны працэс з улікам культуразнаўчых сродкаў з’яўляецца творчым, таму фарміраванне лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі вучняў у працэсе навучання беларускай мове павінна ажыццяўляцца ва ўмовах раскрыцця творчага патэнцыялу, творчай самарэалізацыі асобы на базе засваення ўніверсальных спосабаў дзейнасці.

Творчая самарэалізацыя асобы вучня, адкрыццё новага – гэта адзін з асноўных кірункаў сучаснага ўрока.

Сучасны ўрок – гэта ўнікальная форма арганізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў. Характарызуецца пераносам цэнтра цяжару з навучання на вучэнне, супрацоўніцтвам вучняў і настаўнікаў, становішчам ўзаемадзеяння і ўзаемнай адказнасці, высокай матывацыяй усіх удзельнікаў адукацыйнага ўзаемадзеяння [3, с.112].

Сучасны ўрок – гэта метапрадметны ўрок. “Вывучаючы прадметнае, заўсёды трэба даць вучням зазірнуць далей, накіраваць іх пазнанне да першасэнсаў” [6, с.195–196]. Метапрадметны ўрок дапамагае “вучням убачыць карані таго, што адбываецца, пабудаваць цэласныя веды і разуменне вывучаемых прадметаў, вычначыць свае асабістыя адносіны да фундаментальных пытанняў свайго быцця” [6, с.195–196].

Асноўнымі метадычнымі прынцыпамі сучаснага ўрока з'яўляюцца:

  • суб'ектывацыя (вучань становіцца раўнапраўным удзельнікам адукацыйнага працэсу);
  • метапрадметнасць (фарміруюцца ўніверсальныя навучальныя дзеянні);
  • дзейнасны падыход (вучні самастойна здабываюць веды ў ходзе пошукавай і даследчай дзейнасці);
  • рэфлексійнасць (вучні становяцца ў сітуацыю, калі неабходна прааналізаваць сваю дзейнасць на ўроку);
  • імправізацыйнасць (настаўнік павінен быць падрыхтаваны да зменаў і карэкцыі “хода ўрока” ў працэсе яго правядзення) [1].

Сучасны ўрок мае наступную змястоўную і арганізацыйную структуру (табліца) [1].

Табліца – Патрабаваннi да метапредметнага ўрока

Патрабаванні да ўрока

Метапрадметны ўрок

Тэма ўрока

Фармулююць самі вучні (настаўнік падводзіць вучняў да ўсведамлення тэмы)

Мэта, задачы

Фармулююць самі вучні, вызначаючы межы ведання  і няведання па схеме “ўспомніць → даведацца → навучыцца” (настаўнік падводзіць вучняў да ўсведамлення мэты і задач)

Планаванне

Планаванне вучнямі спосабаў дасягнення вызначанай мэты (настаўнік дапамагае, раіць)

Практычная дзейнасць вучняў

Вучні ажыццяўляюць навучальныя дзеянні па вызначаным плане (прымяняецца групавы, індывідуальны метады), настаўнік кансультуе

Ажыццяўленне кантролю

Вучні ажыццяўляюць кантроль (ужываюцца формы самакантролю, узаемакантролю), настаўнік кансультуе

Ажыццяўленне карэкцыі

Вучні фармулююць цяжкасці і ажыццяўляюць карэкцыю самастойна, настаўнік кансультуе, раіць, дапамагае

Ацэньванне вучняў

Вучні даюць ацэнку дзейнасці па яе выніках (самаацэнка, ацэньванне вынікаў дзейнасці іншых вучняў), настаўнік кансультуе

Вынік урока

Праводзіцца рэфлексія

Дамашняе заданне

Вучні могуць выбіраць заданне з прапанаваных настаўнікам з улікам індывідуальных магчымасцей

Метапрадметны ўрок арыентаваны на пазнанне і адкрыццё вучнямі адукацыйных аб’ектаў. “Адукацыйны аб’ект мае для вучняў два бакі свайго праяўлення – рэальны (матэрыяльны) і ведавы (ідэальны)” [6, с.234–237]. Для фарміравання лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі ў якасці адукацыйнага аб’екту выступаюць нацыянальна-культурныя кампаненты, рэальны бок якіх адлюстроўваецца непасрэдна ў з’явах культуры, прадметах мастацтва, здзяйсняемых абрадах і г.д., а ідэальная – у паняццях, законах, тэорыях, мастацкіх прынцыпах, культурных традыцыях. У сваю чаргу, вынікі вывучэння адукацыйных аб’ектаў маюць дзве формы адлюстравання – знешнюю (створаная вучнямі адукацыйная прадукцыя – тэксты, суджэнні, мадэлі, узоры, даследаванні, праекты і г.д) і ўнутраную (асобасныя якасці вучняў – веды, уменні, здольнасці, кампетэнтнасці).

Умовай стварэння вучнямі адукацыйнага прадукту (ведавага) з’яўляецца прадастаўленне яму магчымасці пазнання рэальнага адукацыйнага аб’екту і толькі затым – знаёмства з ведамі чалавецтва пра яго.

Уключэнне ва ўрок рэальных аб’ектаў дазваляе вучням будаваць суб’ектыўную сістэму ведаў, а не браць іх у гатовым выглядзе.

Для вучняў, якія ствараюць уласныя адукацыйныя прадукты, неабходна знаёмства з агульнапрынятымі аналагічнымі дасягненнямі [6, с.234–237].

Важна адзначыць, што працэс фарміравання кампетэнцый, у прыватнасці лінгвакультуралагічнай кампетэнцыі, патрабуе валодання актыўнымі метадамі і прыёмамі навучання, ажыццяўлення даследчага, сістэмна-дзейнаснага падыходу і праблемнага метаду навучання, шырокага выкарыстання інфармацыйна-камп'ютарных тэхналогій, а таксама тэхналогii актыўнай ацэнкi.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Правапіс літар е, ё, я” па беларускай мове ў 5 класе можна прапанаваць наступныя структурныя элементы метапрадметнага ўрока з нацыянальна-культурнымі кампанентамі свята “Масленіца”.

Арганізацыйны момант арыентаваны на матывацыю вучняў праз агучванне каштоўнасці, карыснасці ўрока. Таму на ўроку выкарыстоўваецца прыём “Прывітанне”. Вучні пад акампанемент баяна спяваюць песню-вяснянку “Масленіца”, апрануты ў беларускае нацыянальнае адзенне, у руках выявы сонейка і птушак, смачныя бліны, прысмакі. Яны выступаюць з заклікам вясны, выказваюць свае адносіны да Масленіцы.

Пры вызначэнні тэмы вучні фармулююць яе самастойна пры дапамозе прыёму “Кросенс”. Гэты прыём дапамагае знайсці сувязь паміж малюнкамі і вызначыць тэму ўрока, ставіцца праблемнае пытанне “Якая роля ў жыцці народа належыць Масленіцы?”

Мэту і задачы асобаснага развіцця вучні вызначаюць самастойна, а пры неабходнасці настаўнік дапамагае ім.  Плануецца, што да заканчэння ўрока вучні будуць ведаць: правілы вымаўлення е, ё, я; напісання галосных е, ё, я ў спрадвечна беларускіх і запазычаных словах, сутнасць і асноўныя складнікі свята Масленіцы, яго ролю ў жыцці народа; умець: вызначаць націскныя склады, адрозніваць каранёвае я, адрозніваць словы іншамоўнага паходжання, ужываць тэматычныя словы ў вусным і пісьмовым маўленні. Задачы асобаснага развіцця вучняў дапамагаюць садзейнічаць развіццю маналагічнага і дыялагічнага маўлення, фарміраванню пазнавальных уменняў; ствараць умовы для выхавання шаноўных адносін да культуры, традыцый беларускага народа.

Практычная дзейнасць накіравана на ажыццяўленне навучальных дзеянняў, таму мэтазгодна прымяняць групавыя і індывідуальныя формы вучэбнай дзейнасці. На ўроку выкарыстоўваецца актыўная форма навучання, накіраваная на выпрацоўку вучэбнага прадукту. Па-першае, логіка-сэнсавыя гексы (метад шасцівугольніка), якія падаюцца ў выглядзе тэксту, малюнка, а таксама могуць быць пустыя, каб вучні маглі самі напісаць на іх паняцці і скласці логіка-сэнсавую мадэль. Па-другое, міні-праект “Масленіца – папулярнае свята. Захаванне арфаграфічных нормаў: “за” і “супраць” (апытванне сярод незнаёмых і знаёмых людзей, зварот да людзей на беларускай мове, выкарыстоўваючы звароткі і словы этыкету). Па-трэцяе, праца з дэфармаваным тэкстам, уменне ўсвядомлена разумець прачытаны тэкст, разважаць пра яго змест, выяўляць мэтазгоднасць выкарыстання моўных сродкаў:

Масл..ніца… Гэта св..та не мае ў кал..ндары канкрэтнай даты, а пачынаецца за восем тыдняў да Вялікадня. Працягваецца Масл..ніца тыдзень, які так і называецца – масл..нічны або сырны.

Паходжанне назвы “Масл..ніца” зв..зваецца з парой, калі пачыналася новае малако, а затым тварог і масла. Пагэтаму ўзнікла традыцыя пакланення Воласу, што з’..ўляўся ап..куном жывёлы. На Беларусі Масл..ніца, як провады зімы, накладваліся на Гуканне в..сны.

У гэтым годзе Масл..ніца св..ткуецца ў пачатку сакавіка.

  1. Дайце тэксту назву і вызначце яго тэму.
  2. Растлумачце паходжанне назвы “Масленіца”.
  3. Якому богу ў свята пакланяліся беларусы?
  4. Выпішыце словы з прапушчанымі літарамі, абгрунтуйце свой адказ.

Па-чацвёртае, праца ў творчых лабараторыях:

  1. “Святочны стол” (праца ў групах). Вучні разглядваюць малюнкі са стравамі, якія рыхтаваліся да святочнага стала. Кожнаму малюнку знаходзяць тлумачэнне (лексічнае значэнне слова); устаўляюць прапушчаныя літары, тлумачаць правапіс; робяць рэкламу кожнай страве, пачынаючы сваё выказванне звароткамі:

1) С..л..дзец

В..рашчака

Крупнік

Куцця масл..нічная

Студзіна

2) Рыба, якая ўжываецца ў ежу ў салёным і вэнджаным выгл..дзе.

Рэдкая мучная страва з м..сам, каўбасой, рознымі прыправамі.

Крупяны суп; крупеня, забел..ны прасяны крупнік.

Каша з ..чных або іншых круп.

Студзіна  – квашаніна, халадзец.

  1. Лялька “Масленка” (праца ў групе). Вучні пры дапамозе рознакаляровай паперы, стужак, клею ствараюць макет лялькі. Прадстаўляюць сваю ляльку, выкарыстоўваючы тэкст (праца са словамі з арфаграмай “Правапіс е, ё, я”).

Н..дзеля на Масленічным тыдні – апошні дзень перад В..лікім постам.

У гэты дзень праводзілі зіму, Масл..ніцу. Пудзіла апошні раз вадзілі па в..сцы і спальвалі на в..лікім вогнішчы.

Спальванне суправаджалася песнямі, танцамі. Карагодамі пратоптвалі снег да той пары, пакуль пад нагамі не праглядвалася чорная з..мля. Гэтымі рухамі абуджалі з..млю.

У некаторых рэгіёнах усходняга Палесся апошні дзень Масленіцы стаў дн..м, калі гукалі-зазывалі в..сну.

  1. “Прыгатуем бліны” (матэматычная лабараторыя; праца ў групе; 2 вучні працавалі з дамашнім заданнем: спячы бліны, выкарыстоўваючы рэцэпт маці, бабулі).

Рэцэпт “Святочныя в..сновыя бліны”

Інгрэдыенты:

1 ..йка

0,5 шкл..нкі малака

0,2 сталовыя лыжкі цукру

1 шклянка мукі

  1. Вылічыце колькасць інгрэдыентаў, неабходных для атрымання дзвюх порцый бліноў.
  2. Прыгатуйце з прадстаўленых інгрэдыентаў тры порцыі бліноў, выкарыстоўваючы шалі і мерную шкляначку.
  3. Прадстаўце рэцэпт прыгатаваных бліноў у выглядзе заклічкі, выкарыстоўваючы звароткі.

Кантроль ажыццяўляецца вучнямі з дапамогай формаў самакантролю, узаемакантролю.

Вучні выконваюць тэставыя заданні, выконваюць узаемакантроль, затым самакантроль па ўзоры.

Тэставыя заданні

  1. Літара я пішацца:

а) у першым складзе перад націскам;

б) у паслянаціскных складах;

в) у словах з каранёвым я незалежна ад месца націску;

г) у другім, трэцім складзе перад націскам.

  1. Літара е пішацца:

а) у запазычаных словах у першым складзе перад націскам;

б) заўсёды пішацца пад націскам;

в) у словах ёд-, ёт-;

г) у іншых ненаціскных складах (акрамя першага) літара е захоўваецца .

  1. Устаўце прапушчаныя літары:

З..л..нь – з..лёны, з..л..наваты.

Ц..гнік – ц..гнікі.

Л..генда, к..фір, з..фір, с..рвіз.

Ажыццяўленне кантролю і карэкцыі, ацэньвання за ўрок адбываецца на аснове ліста самаацэнкі, настаўнік кансультуе, ажыццяўляе карэкцыю ацэнкі вучняў.

 

Ліст самаацэнкі вучня

№ задання

Заданне

Колькасць балаў

Балы

Адзнака

1 заданне (праца ў групах)

Міні-праект – 9 балаў

 

1

2-3

4-5

6-8

9-11

12-14

15-17

18-21

22-25

26-27

 

1

2

3

4

5

6

7

8

9

10

Праца з гексамі – 9 балаў

 

2 заданне (індывідуальная работа)

Праца з тэкстам – 6 балаў

 

3 заданне (праца ў групах)

Лабараторыі – 9 балаў

 

4 заданне

тэст (праца ў парах)

Тэст – 3 балы

 

Усяго (27 балаў)

 

 

 

Пры падвядзенні вынікаў урока выкарыстоўваецца прыём “Пяць пытанняў”, а рэфлексіі – прыём “Завяршы фразу”.

Прыём “Пяць пытанняў”

Хто? (Хто з’яўляецца галоўным персанажам Масленіцы?)

Што? (Што гатуюць на Масленіцу?)

Калі? (Калі адзначаецца Масленіца ў гэтым годзе?)

Дзе? (Дзе спатрэбяцца веды пра правапіс літар е, ё, я?)

Як? (Як пішацца літара е ў запазычаных словах?)

Прыём “Завяршы фразу”

Сёння на ўроку я зразумеў…

Урок даў мне для жыцця…

Пасля ўрока мне захацелася...

Пры выбары дамашняга задання вучні могуць абраць заданне з прапанаваных настаўнікам з улікам індывідуальных магчымасцей:

  1. Напісаць сачыненне “Масленіца – гэта папулярнае свята беларусаў”.
  2. Знайсці і вывучыць масленічныя песні, запісаць адну , падкрэсліць словы з арфаграмай “Правапіс е, ё, я”.

Такім чынам, метапрадметны ўрок, на якім вучні пражываюць ва ўласнай творчасці спецыяльна арганізаваныя адукацыйныя сітуацыі, садзейнічае ўзнаўленню пэўных нацыянальна-культурных кампанентаў, фарміруючы пры гэтым лінгвакультуралагічную кампетэнцыю і рэалізуючы індывідуальны адукацыйны патэнцыял.

 

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Бурьянов, С. В. Структура метапредметного урока [Электронный ресурс] / С.В. Бурьянов // Образовательная площадка Мультиурок.– Режим доступа: https://multiurok.ru/files/struktura-metapredmetnogo-uroka.html.– Дата доступа: 15.10.2019.
  2. Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце «Беларуская мова» для V–VII клаcаў ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання [Электронный ресурс]: утв. постановлением М-ва образования Республики Беларусь, 27 июля 2017г., № 91// Национальный образовательный портал.– Режим доступа: https://adu.by/images/2017/08/ up_Bel_mova_5-7kl.pdf.– Дата доступа: 12.11.2019.
  3. Данильчик, А.С. Эффективный урок как условие качества образовательного процесса / А. С. Данильчик // Профессионально-педагогическая культура современного педагога: материалы науч.-практ. конф. (26 марта 2014 г., г.Осиповичи)/ Редкол.: Н.Д. Алексеев [и др.].– Могилев: УО «МГОИРО», 2014.– С. 111115.
  4. Маслова, В. Лингвокультурология. Базовые понятия [Электронный ресурс]// Библиотека Гумер.– Режим доступа: https://www.gumer.info/ bibliotek_Buks/ Linguist/maslova/02.php.– Дата доступа: 15.10.2019.
  5. Образовательный стандарт базового образования [Электронный ресурс]: утв. постановлением М-ва образования Республики Беларусь, 26 дек. 2018г., № 125// Национальный образовательный портал.– Режим доступа: https://adu.by/ru/homepage/obrazovatelnyj-protses-2019-2020-uchebnyj-god/obshchee-srednee-obrazovanie/2577-obrazovatelnye-standarty-obshchego-srednego-obrazovaniya.html. – Дата доступа: 20.10.2019.
  6. Хуторской, А.В. Педагогика: Учебник для вузов. Стандарт третьего поколения / А.В. Хуторской .– СПб.: Питер, 2019.– 608 с.: ил.– (Серия “Учебник для вузов”).

Есть вопрос или комментарий?..


Ваше имя Электронная почта
Получать почтовые уведомления об ответах:

| Примечание. Сообщение появится на сайте после проверки модератором.


Вернуться в раздел Разработки уроков, мероприятий, публикации