Учитель белорусского языка и литературы Ярош Татьяна Леонидовна

Ответственность, качество, внимание.

Разработки уроков, мероприятий, публикации

АКТЫЎНЫЯ ПРЫЁМЫ НАВУЧАННЯ І ІХ ВЫКАРЫСТАННЕ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Яраш Т.Л., настаўнік беларускай мовы і літаратуры (ДУА “Сярэдняя школа № 16 г. Мазыра”)

 

Згодна з канцэпцыяй, вучэбны прадмет “Беларуская мова”  з’яўляецца не толькі прадметам вывучэння, але і дзейсным сродкам фарміравання асобы, здольнай успрымаць на роднай мове змест прачытанага і пачутага, ствараць вусныя і пісьмовыя выказванні ў залежнасці ад мэты і задач камунікацыі. Сучасная практыка сведчыць пра зніжэнне колькаснага і якаснага ўзроўняў чытання, пісьменнасці, абмежаванні лексічнага запасу, маўленчага і камунікатыўнага патэнцыялаў. Вырашэнне гэтых праблем магчыма за кошт фарміравання моўнай, маўленчай, камунікатыўнай, лінгвакультуралагічнай кампетэнцый вучняў.  У ліку важнейшых рэзерваў фарміравання названых кампетэнцый неабходна вылучыць выкарыстанне нестандартных формаў ўрока і прымяненне актыўных прыёмаў выкладання, якія павышаюць пазнавальную актыўнасць вучняў, садзейнічаюць падтрыманню пастаяннай цікавасці да вучэбнай працы, а таксама лепшаму засваенню праграмнага матэрыялу. Абапіраючыся на ўласны настаўніцкі вопыт, прапануем разгледзець магчымасць выкарыстання актыўных прыёмаў навучання на розных этапах урокаў беларускай мовы.

Так, на арганізацыйным этапе, задача якога – стварыць псіхалагічны настрой, падрыхтаваць вучняў да працы, намі былі выкарыстаны наступныя прыёмы: “Прытча”, “Эпіграф”,“Я – зорка”, “Творцы”. Напрыклад, пры вывучэнні ў 6 класе тэмы “Парадкавыя лічэбнікі, іх скланенне і правапіс”, дыдактычнай тэмай якой з’яўляецца “Масленіца”, мэтазгодным было выкарыстанне прыёму “Творцы”. Пад гукі песні-вяснянкі вучні, апранутыя ў беларускае нацыянальнае адзенне, з выявамі сонейка і птушак, смачнымі блінамі, прысмакамі ў руках заходзілі ў клас,  гукалі вясну, выказвалі свае адносіны да свята: “– Добры дзень у хату, весялосці вам і радасці! Так да вас спяшаліся! // – – З Зімою хочам развітвацца, а чакаем Вясну-красну. Паглядзіце на наша сонейка, веснавое яно! – // – Птушка-птушачка, адчыняй вясну, замыкай зіму! // – Дзе ж вясна-красна, масленіца? Мы вясну чакаем, мы вясну гукаем! // – Ой, як смачна пахне блінамі. Паглядзіце, колькі ласункаў… // – Прыйдзі, прыйдзі, Вясна, у нас сёння Масленіца!” [1, с. 227].

На этапе праверкі дамашняга задання, задача якога – актуалізаваць апорныя веды, сфарміраваць пазнавальныя матывы, карыстаемся наступнымі прыёмамі: “Факталагічны дыктант”, “Запраграміраванае апытванне”, “Шукаю памылкі”, “Узаемадыктант”, “Пропуск”.

Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Фразеалагізмы” ў 5 класе карысным з’яўляецца прыём “Пропуск”, які фарміруе здольнасці вучняў да міжасабовых зносінаў, развівае граматнасць.

У класе пазначаны вартавы, кожнаму выдадзены эталон пароля: напрыклад, словы, фразеалагізмы з прапушчанымі арфаграмамі:

  1. Вярэдзіць душу, да дзясятага поту, зехаць на мыла, гады ў рады, манна нябесная, лезці на ражон, лёгка выкруціцца.
  2. Легенда, надворе, здароўе, мядзведзь, вяселле, герой, яблычны, Радзіма, Бацькаўшчына, казка і іншыя.

Прайсці кантрольны пункт магчыма пры ўмове, што словы пад дыктоўку правільна запісаны. Кожны вучань падыходзіць да выбранага прыпынку. Вартавы чытае яму пароль. Вучань піша ў сваім лісце гэты пароль, не заглядваючы ў ліст вартавога. Вартавы спачатку правярае ліст вучня чырвоным стрыжнем, затым ён бярэ зялёны стрыжань і правярае гэты пароль па сваім эталоне.

Калі адказ правільны, то вартавы здае свой эталон вучню, ідзе да іншага прыпынку, які сам імкнецца прайсці. На яго месца становіцца вучань, які толькі што пісаў. Калі адказ няправільны, то вартавы застаецца на сваім прыпынку, а вучань ідзе да іншага прыпынку і праходзіць тым жа шляхам. Пры заканчэнні працы кожнаму вучню выстаўляецца бал.

Падобныя заданні садзейнічаюць лепшаму запамінанню правільнасці напісання арфаграм, лексічных адзінак мовыі і спрыяюць, такім чынам, фарміраванню моўных, камунікатыўных кампетэнцый вучняў.

На матывацыйным этапе фармулююцца тэма і мэта ўрока, выкарыстоўваюцца такія прыёмы, як “Матэматычная загадка”, “Прапушчаная літара”, “Здзіўляй!”, “Адтэрмінаваная адгадка”.

Так, пры вызначэнні тэмы ўрока ў 5 класе, якая прадугледжвае вывучэнне вымаўлення і правапісу зычных д – дз’, т – ц’ прапаноўваем прыём “Прапушчаная літара”. Вучні самастойна вызначаюць тэму ўрока, працуючы са зместам верша “Дзяцел”: “...яцел // Уважлівы лекар, // Руплівец лясны, // У …ень прыля…еў ён // Да хворай сасны. // І …юбай-пінцэтам // Хваробу прагнаў: // Рас…і  прыгажуняй // ...івоснай, сасна”.

На аперацыйна-пазнавальным этапе, задача якога – арганізаваць мэтанакіраваную пазнавальную дзейнасць па засваенні новых ведаў, выкарыстоўваем калектыўную, індывідуальную, групавую работу і такія прыёмы, як “Лаві памылку!”, “Выбірай пазіцыю!”, “Палепшыць і паўтарыць”, “Ведаю – Хачу ведаць – Даведаўся”,  “Чатыры куткі”, “Кластар”.

Прыём “Чатыры куткі” мэтазгодна, на нашу думку, ужываць пры вывучэнні тэмы “Дзеепрыметнік як асобая форма дзеяслова”. Прапануем вучням праблемнае пытанне, вызначаюцца чатыры варыянты адказаў: “Дзеепрыметнік… Як разгадаць гэту часціну мовы? // 1. Дзеепрыметнік – гэта асобая форма дзеяслова. // 2. Дзеепрыметнік – гэта асобая форма прыметніка. // 3. Дзеепрыметнік – гэта самастойная часціна мовы. // 4. Дзеепрыметнік – гэта  нязменная часціна мовы”.

Кожны з адказаў размяшчаецца ў кутках класа. Вучні разыходзяцца па тых кутках, дзе знаходзіцца адказ, з якім яны згодны. Затым ідзе абмеркаванне ў групе і выпрацоўваюцца аргументы на карысць правільных. Калі ўсе падрыхтаваліся, капітаны груп займаюць месца ў цэнтры класа і агучваюць свае аргументы. Калі астатнія вучні згаджаюцца з капітанам, яны ціснуць адзін аднаму рукі, калі не згаджаюцца, то пляскаюць у далоні. Гэты прыём дапамагае стварыць сітуацыю супрацоўніцтва і партнёрскіх узаемаадносінаў, а таксама садзейнічае фарміраванню моўнай, маўленчай і камунікатыўнай кампетэнцый.

На этапе замацавання ведаў, задача якога – арганізаваць эфектыўнае прымяненне ведаў, стварыць сітуацыю самакантролю, выкарыстоўваем наступныя прыёмы: “Творчая лабараторыя”,“Моўная творчасць”, “Пластылін”, “Лічбавы дыктант”, “Вучні – настаўнікі”.

Пры замацаванні тэмы “Лексічнае значэнне” ў 5 класе эфектыўнай формай работы з’яўляецца прыём “Пластылін”. Пры выкананні гэтага задання вучні разумеюць вывучаемы матэрыял праз дэманстрацыю яго значэння ў пластыліне, пранікаюць у глыбіню значэння слова, развіваюць творчасць.

Гэту работу можна арганізаваць у парах. У кожнага вучня свой тэкст:

Бусел

Бусел – птушка разумная і назіральная. Калі ён бачыць, што людзі паважаюць яго і даюць яму прытулак, то ахвотна селіцца ў вёсцы і робіцца сябрам гаспадара. Кажуць, што буслы адрозніваюць сваіх гаспадароў ад чужых. Буслы не баяцца дзяцей і пастухоў, а паляўнічых блізка не падпусцяць.

Дзівосная іншаземка

Звычайна людзі гавораць: “Бульба – хлебу дапамога”. І гэта праўда. Без бульбы нельга ўявіць стол. Бульбу вараць, пякуць, смажаць, параць, фаршыруюць. А якія смачныя дранікі! Дзікія родзічы бульбы раслі ў Амерыцы. На нашу зямлю клубні трапілі дзякуючы Пятру І.

Першы вучань чытае тэкст, другі вучань слухае. Пасля гэтага другі вучань называе любое слова з гэтага тэксту, якое ствараецца з пластыліну. Затым яны мяняюцца месцамі. Вучні самастойна лепяць элементы і абазначаюць кожны з іх ярлыкамі. Чым больш элементаў выконвае вучань, тым большы аб’ём разумення гэтага прадмета. У канцы працы робіцца агульны ярлык, які абазначае зроблены прадмет ці з’яву. Гэты працэс можна замяніць працай з малюнкамі. Вучні суседніх парт, настаўнік імкнуцца адгадаць, што зрабілі дзеці.

Такім чынам, выкарыстанне актыўных прыёмаў навучання на ўроках беларускай мовы падпарадкавана задачы фарміравання моўнай, маўленчай, камунікатыўнай, лінгвакультуралагічнай кампетэнцый вучняў.

Літаратура

  1. Яраш, Т.Л. Зімовая каляндарная абраднасць беларусаў як сродак павышэння мовазнаўчай і культуралагічнай кампетэнцыі вучняў 6 класа / А.У. Сузько, Т.Л. Яраш // Слово. Текст. Социум: сб. науч. тр. / УО МГПУ им.И.П. Шамякина; редкол.: Л.В. Исмайлова (отв. ред.) [и др.]. – Мозырь, 2014. – С. 227–233.

 

Есть вопрос или комментарий?..


Ваше имя Электронная почта
Получать почтовые уведомления об ответах:

| Примечание. Сообщение появится на сайте после проверки модератором.


Вернуться в раздел Разработки уроков, мероприятий, публикации